Навуковыя дасягненні і распрацоўкі
За ўвесь перыяд існавання лабараторыі
– Даказана прынцыповая ідэнтычнасць будовы малекул пратахларафілавага пігменту пакрытанасенных раслін. Выяўлена, што пратахларафіл з’яўляецца непасрэдным папярэднікам хларафілу ў ланцугу біясінтэзу хларафілу. Устаноўлена, што ў працэсе антагенэзу папярэднікам фотаактыўнага пратахларафілу з’яўляецца караткахвалевая форма пратахларафіліду;
– З дапамогай флэш-фатолізу і нанасекунднай спектраскапіі вывучаны заключныя стадыі фотатрансфармацыі фітахрому, апісаны так званы пул «пазнейшых інтэрмедыятаў». Паказаны асаблівасці метабалізму фосфаіназітыдаў і цыклічных нуклеатыдаў у расліннай клетцы. Устаноўлена прырода і роля шэрагу інтэрмедыятаў у ланцугах трансдукцыі фітахромных і фітагарманальных эфектаў;
– У галіне фотарэцэпцыі раслін распрацавана арыгінальная методыка выдзялення фотарэцэпторнага бялку фітахрому з расліннай тканіны. З выкарыстаннем шэрагу фізіка-хімічных падыходаў выяўлены канфармацыйныя адрозненні чырвонай і далёкачырвонай формаў фітахрому;
– Устаноўлена залежнасць ад светавых умоў росту раслін ферментатыўнай актыўнасці фосфаліпазы D і ўдзел фотарэцэптара фітахрому, фітагармонаў і шэрагу ўнутрыклетачных інтэрмедыятаў у механізмах светавога кантролю ферментатыўнай актыўнасці фосфаліпазы D у расліннай клетцы;
– Паказана, што спецыфічнасць клетачных адказаў на дзеянне цыклічнага гуаназінмонафасфату ў клетках раслін абумоўлена цэнтрамі звязвання ў бялках-мішэнях – кампанентах ланцугоў трансдукцыі жыццёва важных рэгуляторных сігналаў. Вылучаны і ідэнтыфікаваны з дапамогай метадаў пратэомікі раслінныя бялкі, якія звязваюць цГМФ;
– З дапамогай пратэомнага аналізу вызначаны дыягнастычны профіль экспрэсіі бялкоў у раслінах пры акісляльным стрэсе;
– У галіне зрокавай рэцэпцыі вывучана структурная дынаміка зрокавага пігменту радапсіну і фотарэцэптарных мембран. Даследаваны рэгуляторныя рэакцыі ў фотарэцэптарных клетках пры фотакантролі Са2+-патокаў у межах мембранных кампартментаў. Вызначаны злучаны характар цГМФ у вонкавым сегменце прутка сеткавіцы, ідэнтыфікаваны спецыфічныя цэнтры яго звязвання ў фотарэцэптарнай мембране. Вывучаны абмен фосфаіназітыдаў у фотарэцэптарных мембранах;
– Праведзена кланаванне генаў рэгуляторных бялкоў сеткавіцы і лімфацытаў чалавека. Атрымана поўная паслядоўнасць кДНК, якая кадзіруе тыразінкіназу сямейства Csk з лімфацытаў крыві чалавека. Распрацаваны метад дыягностыкі захворванняў органаў зроку на аснове ПЛР-аналізу гена Csk-тыразінкіназы;
– Распрацавана канцэпцыя ўзаемадзеяння паміж светлавымі і гарманальнымі сігнальнымі каскадамі ў расліннай клетцы і ролі Са2+ і цыклічных монануклеатыдаў як вузлавых элементаў сігнальных сістэм;
– Паказана, што пры засаленні глебы трансдукцыя ўнутрыклетачнага сігналу поліамінаў рэалізуецца з удзелам цГМФ-залежнай сігнальнай сістэмы і апасродкавана NO;
– Распрацаваны метады атрымання і нарошчвання біямасы мезэнхімальных ствалавых клетак з высокай жыццяздольнасцю з розных крыніц, тэхналогія іх індукаванага дыферэнцыявання, тэхналогіі падрыхтоўкі клетачных біяпрэпаратаў на біядэградуемых матрыцах, метады крыакансервацыі;
– З выкарыстаннем камбінацыі двухмернага гель-электрафарэзу і мас-спектраметрычнага аналізу ўстаноўлена, што нанаструктуры тэхнагеннага паходжання прыводзяць да значных якасных змен пратэому лімфацытаў крыві чалавека; прапанаваная тэст-сістэма для маніторынгу біялагічнага дзеяння тэхнагенных нанаматэрыялаў на арганізм чалавека;
– Распрацаваны лабараторны аптычны біясэнсар для выяўлення глюкозы і пераксіду вадароду на аснове тушэння люмінесцэнцыі аксіду цынку. На прыкладзе дадзенага біясэнсара паказана магчымасць паспяховага выкарыстання нанаструктур аксіду цынку ў якасці аптычнага датчыка для выяўлення глюкозы.
Распрацоўкі і ўкараненні
Па распрацоўках лабараторыі атрымана 10 патэнтаў РБ, ажыццяўлено 25 укараненняў распрацовак у практыку, атрымана 7 інструкцый на лячэнне захворванняў з выкарыстаннем мезенхімальных ствалавых клетак, адобраных міністерствам аховы здароўя РБ.